«НА́ША ДО́ЛЯ»,

грамадска-паліт. і літ. газета; першае легальнае перыядычнае выданне на бел. мове. Выдавалася з 1(14).9 да 1(14).12.1906 у Вільні кірыліцай і лацінкай. Рэдактар-выдавец І.Тукеркес. Актыўны ўдзел у стварэнні газеты і выданні першых нумароў прымалі І. і А.Луцкевічы, Цётка. У праграмным арт. «Да чытачоў» газета выступіла за ўдзел у рэв. руху, сац. і нац. свабоду, развіццё класавай самасвядомасці рабочых і сялян, асвету на роднай мове. Друкавала вострапубліцыст. і агітац. артыкулы («Што будзе?», «Даход расійскага цара», «Пагром», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» і інш.), у якіх выкрывала антынар. палітыку царызму. Інфармавала пра рэв. падзеі ў краіне, цяжкае становішча прац. сялянства. Гэтымі тэмамі і ідэяй прасякнуты надрукаваныя ў газеце творы Цёткі (верш «Наш палетак» і апавяд. «Прысяга над крывавымі разорамі»), Я.Коласа [вершы «Наш родны край» (1.9.1906, першае выступленне паэта ў друку), «Беларусам», «Асенні вечар», апавяд. «Слабода»] і інш. Змясціла апавяданне Ядвігіна Ш. «Суд». Выйшла 6 нумароў. На газету неаднаразова накладваўся арышт, а рэдактар прыцягваўся да крымін. адказнасці; паводле суд. прыгавору 11.1.1907 выданне забаронена, рэдактар прыгавораны да турэмнага зняволення на 1 год.

Літ.:

Шлюбскі А Новыя матэрыялы да гісторыі «Нашай долі» // Полымя. 1927. №3;

Біч М. У змаганні за лепшую долю // Там жа. 1966. №8;

Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 212—234.

У.М.Конан.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)